Змітрок Бядуля "Зямля"

Зямля...

Вялікі, бязмерны абшар зямлі адкрываецца воку майму.

Я падымаюся вышэй і вышэй на нейкіх скрыдлах, з дзівам разглядаю велізарнае ўладарства зямлі...

Як у казцы, нясуцца прада мной шыры гэтай зямлі, каторыя і ідуць лясамі, нівамі, лугамі, далінамі, месцамі паханымі, мяккімі, нібы пух, шнурамі і месцамі камяністымі шэрымі глыбамі...

Як у казцы, нясуцца прада мной поры года: святая зялёная вясна, гарачае залатое лета, сытная багатая восень, бліскучая здаровая зіма...

I мяняюцца фарбы, і мяняюцца віды...

Усё жыве, усё рухаецца... шуміць...

Зямля! Маці наша! Чуецца заўсёды і ўсюды тваё цёплае, жыватворнае дыхание, каторае мёдам па жылах разліваецца...

Усе мы дзеці твае: і расліна, і жывёла, і чалавек. Усіх ты нас родзіш, усе мы жывём на табе, усіх ты нас ізноў прымаеш...

I хто карэннямі сваімі глыбей у зямлю стараецца ўлезці, у таго галава чуць не да самага сонейка даходзіць, у таго шчасце ракой-морам расшыраецца...

* * *
Дорага кожнаму чалавеку зямля родная, каторая дала яму жыццё і гадавала яго, яго бацьку, і дзеда, і прашчура, і ўвесь народ свой... Ой, як дорага!

Ён ёй малітвы гаворыць, ён ёй песні пяе разам з птушкамі, з лесам, з ручайком...

Як поўныя зярняты на тлустай раллі, у душы кожнага разрастаецца міласць да краю свайго, і так найдаражэйшы скарб, як гняздо шчасця, перадаецца ад пакалення ў пакаленне...

Комментариев нет:

Отправить комментарий