Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў


Абрад - сукупнасць пэўных дзеянняў, у якіх адлюстроўваюцца бытавыя ці культавыя звычаі народа.

Абразок - невялікае лірычнае апавяданне беларускай прозы, у якім адлюстроўваецца ўнутранны свет чалавека.

Алегорыя - іншасказанне; мастацкі прыём, калі нейкая думка ці паняцце перадаюцца праз канкрэтны вобраз — паводзіны жывёлы, асаблівасць расліны, прадмета. Напрыклад: воўк — чалавек злы, нелюдзімы, прагны і жорсткі; дуб — гэта моц, сіла, трываласць.

Апавядальнік – асоба, ад імя якой вядзецца апавяданне.

Апавяданне - невялікі празаічны твор, у якім расказваецца пра асобную падзею, выпадак або здарэнне ў жыцці героя. У апавяданні няшмат персанажаў, дзеянне адбываецца на працягу невялікага адрэзка часу.

Апісанне – спосаб паказу жыцця, мастацкая характарыстыка абставін, месца дзеяння, абмалёўка знешняга выгляду героя, карцін прыроды.

Аповед - паведамленне, расказ пра падзеі, паводзіны, учынкі герояў і іх узаемаадносіны; рух і развіццё дзеяння ў творы.

Аповесць - мастацкі твор, пераважна празаічны, у якім расказваецца пра шэраг падзей, што адбываюцца на працягу значнага перыяду жыцця галоўнага героя, паказваюцца яго ўзаемаадносіны з іншымі персанажамі.

Афарызм - выслоўе, у якім у трапнай, лаканічнай і звычайна вобразнай форме выказаная арыгінальная думка.

Байка - гэта невялікі, часцей вершаваны твор сатырычнага зместу з алегарычным сюжэтам і вывадам (мараллю).

Батлейка - перасоўны лялечны тэатр, вядомы ў Беларусі з XVІ стагоддзя.

Вобраз мастацкі (літаратурны) - створаная ва ўяўленні пісьменніка карціна жыцця, якая адлюстроўвае яго думкі, пачуцці і эмацыянальна ўздзейнічае на чытача. Мастацкім вобразам можа быць герой твора — чалавек, жывёла, нават прадмет, з’ява прыроды; а можа быць пейзаж, мастацкае апісанне нейкай рэчы, з’явы.

Водгук - сачыненне-разважанне, выказванне ўражанняў, дзе аўтар дзеліцца сваімі думкамі аб творы, пры гэтым не ставіць мэту ўсебакова ахарактарызаваць змест і мастацкую структуру. Водгук пішацца ад першай асобы.

Герой літаратурны – мастацкі вобраз чалавека, які паказаны ў творы. Ужываюцца таксама паняцці: персанаж, дзейная асоба, літаратурны характар.

Гіпербала - моцнае перавелічэнне ўласцівасцей, якасцей прадмета або з’явы з мэтай мастацкай выразнасці. Узмахне крылом — быццам бор шуміць, // Узмахне другім — што мяцель гудзіць (М. Багдановіч).

Гумар - паказ чаго-небудзь у камічнай, дабрадушна-смешнай форме.

Дэталь - рыса, выразная падрабязнасць у паказе паводзін, апісанні знешнасці героя, абстаноўкі. Надае карціне, эпізоду эмацыянальную афарбоўку.

Замалёўка - літаратурны твор малога жанру, часцей на бытавую тэму.

Ідэя мастацкая - абагульненая думка, асноўны сэнс мастацкага твора, тое галоўнае, што хацеў сказаць аўтар.

Іронія - мастацкі прыём, спосаб камічнага паказу, у аснове якога ляжыць стоеная насмешка: сцвярджаецца супрацьлеглае таму, што думаюць пра асобу ці прадмет.

Кампазіцыя - уся складаная будова літаратурнага твора, размяшчэнне і спалучэнне ўсіх яго частак, раздзелаў, эпізодаў, сцэн.

Мараль байкі - ацэнка паводзін і ўчынкаў персанажаў, якую выказвае аўтар ў творы. Звычайна падаецца ў канцы твора, але бывае і ў пачатку.

Метафара - перанясенне ўласцівасцей адной з’явы на другую, чым-небудзь падобную на яе. А дзень гарыць, а дзень палае (Якуб Колас).

Міф - народнае паданне, у якім увасоблены ўяўленні нашых продкаў пра паходжанне свету, жыццё прыроды і месца ў ёй чалавека.

Паралелізм - кампазіцыйны прыём, пры якім два вобразы, чым-небудзь падобныя або процілеглыя, раскрываюцца ў супастаўленні, паралельна, у выглядзе разгорнутага параўнання. Сустракаецца так званы адмоўны паралелізм.

Параўнанне - мастацкі прыём, характарыстыка аднаго прадмета, з’явы пры дапамозе супастаўлення яго з іншым на аснове іх падабенства. Весні дзень, як лядзень, // Сходзіць звонкай слязой... (Сцяпан Гаўрусёў).

Пейзаж - апісанне ці малюнак прыроды ў літаратурным творы, які дае магчымасць уявіць месца дзеяння, характарызуе душэўны стан героя, яго паводзіны.

Песня - вершаваны і музычны твор для выканання голасам (спявання).

Песня літаратурная - песня, створаная на словы паэта.

Прытча (прыпавесць) - невялікі твор павучальнага характару, алегарычны па форме.

Рытм – раўнамернае паўтарэнне, чаргаванне націскных і ненаціскных радкоў, а ўнутры радкоў – націскных і ненаціскных складоў.

Рыфма – сугучнасць канчаткаў радкоў у вершаваным творы.

Сатыра - вострае, з’едлівае выкрыццё адмоўных з’яў жыцця і недахопаў чалавечага характару.

Сімвал - умоўнае абазначэнне думкі, ідэі, перажывання, з’явы праз мастацкі вобраз, які нечым нагадвае іх. Напрыклад: жыта — сімвал жыцця, мірнай працы, шчасця; крыж — сімвал веры.

Страфа – частка вершаванага тэксту, якая змястоўна аб’ядноўвае некалькі радкоў.

Сюжэт - паслядоўнае разгортванне падзей, у якіх выяўляюцца характары і ўзаемаадносіны герояў.

Троп – ужыванне слова ў пераносным значэнні (эпітэт, метафара, параўнанне, увасабленне, сімвал, алегорыя, гіпербала і інш.). Тропы дапамагаюць пісьменніку вобразна, маляўніча перадаць жыццёвыя з’явы.

Тэма - жыццёвая з’ява або кола з’яў, пра якія ідзе ў ім размова.

Увасабленне - мастацкі прыём, калі нежывым, неадушаўлёным прадметам і з’явам надаюцца ўласцівасці чалавека або жывых істот. Дажджы за морамі паснулі (Міхась Стральцоў).

Фантастыка - гэта вобразы, падзеі ці абставіны, абмаляваныя ў мастацкім творы, але немагчымыя ў жыцці.
       Паходжанне слова “фантастыка” вельмі цікавае. Брата Морфія, бога сну, старажытныя грэкі называлі Фантазам. Адсюль пайшло слова “фантазія”. Ад гэтага ж кораня ўтворана і “фантастыка” – тэрмін для абазначэння літаратурных твораў, якія паказваюць неверагоднае як сапраўднае, а сапраўднае як неверагоднае. Пісьменнік-фантаст імкнецца перакінуць мост ад чытача ў прыдуманы свет, ствараючы ілюзію, што гэты свет існуе.

Эсэ - празаічнае сачыненне кароткага ці сярэдняга аб'ёму, свабодная развага аўтара на вызначаную тэму. Стыль эсэ звычайна ясны і нязмушаны са шматлікімі спасылкамі.


Эпітэт - мастацкае азначэнне, якое вобразна характарызуе з’яву, прадмет, чалавека. Зямля мая то мяккая, то мулкая, // Ад навальніц прасторная і гулкая — // Такая непаўторная заўсёды. // Ад спёкі разамлелая, спакойная, // Бярозавая, бэзавая, хвойная — // Яна найпрыгажэйшая заўсёды. (Пімен Панчанка.)

Комментариев нет:

Отправить комментарий